Другая анлайн-лекцыя Мікіты Моніча

12.05, 17:00

Мара радая запрасіць вас на яшчэ адну лекцыю Мікіты Моніча! У снежні мінулага года Мікіта распавядаў нам пра тое, навошта ўвогуле спажываць мастацтва. Цяпер мы прапаноўваем вашай ўвазе лагічны працяг першае лекцыі. Тэма - "Кайф-ды-Плён": невідавочная карысць ад спажывання культурных прадуктаў". Зусім не абавязкова ведаць змест першай лекцыі! Таму не бойцеся нешта не зразумець, прыходзьце нават калі не былі ў першы раз!

Як і ў мінулы раз, лекцыя будзе праведзена анлайн праз платформу ClickMeeting. Пры набыцці квіткоў, калі ласка ўказвайце пошту. Туды вы атрымаеце запрашэнне на лекцыю. Калі нешта пойдзе не так, калі ласка пішыце нам на пошту events@belarusians.nl, ці ў тэлеграм-чаце нашай арганізацыі: @marabynl_chat.

На выпадак, калі вы купіце квіток, але чамусьці не зможаце прыйсці, мы плануем запісаць лекцыю і разаслаць потым усім удзельнікам. Калі хочаце падтрымаць нашага спікера, у вас ёсць магчымасць пакінуць гасцінец - шукайце кнопачку на старонцы імпрэзы.

На гэты раз палова сабраных грошай будзе прызначацца Мікіце, а другая палова BySol. На якую ініцыятыву - мы вырашым разам з тымі хто набудзе квіток.

Невідавочная карысць ад спажывання культурных прадуктаў

Для аднаго чалавека спажыванне культурных прадуктаў з'яўляецца натуральнай часткай жыцця. А для іншага зусім незразумела, навошта хадзіць у музей ці тэатр.

Мікіта прапаноўвае пераўтварыць гэтае шырокае і даволі абстрактнае пытанне “Навошта ісці ў музей?” у нашмат больш утылітарнае “за чым…?”. Якія простыя і карысныя кожнаму навыкі можа даць узаемадзеянне з жывапісам, тэатрам ці паэзіяй?

На фоне таго што адбываецца, асабліва важнымі падаюцца тэрапеўтычная і каштоўнасная функцыі культуры. Гэтыя тэмы пройдуць чырвонай ніткай праз усю лекцыю.

Аб гэтым Мікіта Моніч будзе распавядаць з ілюстрацыямі, прыкладамі і, па магчымасці, з гумарам. Таму што нічога так не знішчае эфемерны цуд мастацтва, як звярыны выскал сур'ёзнасці і залішняя напруга.