
Сябры! На наступным тыдні будзе роўна 95 год са дня нараджэння вельмі важнага для Беларусі пісьменніка - Уладзіміра Караткевіча. З гэтай нагоды ў нядзелю 30 лістапада мы прапануем вам віртуальна наведаць тэатралізавана-інтэрактыўны выступ “Жарсці Караткевіча”!
Стварае яго Васіль Дранько-Майсюк - літаратуразнаўца, выкладчык беларускай літаратуры і культуралогіі, тэатральны рэжысёр, акцёр і драматург разам з выдатнай беларускай актрысай Аленай Баяравай.
Спектакль заснаваны на дакументах, лістах, сведчаннях і ўспамінах. У ім акцёры расказваюць пра тое, як Уладзімір Караткевіч змагаўся супраць цэнзуры, каб надрукаваць першы беларускі гістарычны дэтэктыў “Дзікае паляванне караля Стаха”, як ён дамагаўся таго, каб выйшаў першы айчынны эпас “Каласы пад сярпом тваім”, у якім героі рыхтуюць паўстанне 1863-64 гг.
Гледачы даведаюцца пра тое з кім Караткевіч сябраваў, варагаваў, каго кахаў. Хто яму замінаў тварыць і хто быў яго анёлам-ахоўнікам. Мы дазнаемся пра яго ўнікальныя вандроўкі і раманы, яго нечаканыя гістарычныя адкрыцці ды іншыя цікавосткі.
У праграме прагучаць малавядомыя вершы, урыўкі з яго прозы, артыкулаў, лістоў.
Паглядзець выступ можна будзе анлайн, спасылка будзе выкладзена бліжэй да даты. "Віртуальны ўваход" свабодны, таму данаты вітаюцца - давайце падтрымаем творцаў!