Пісьменнік і блогер Аляксандр Чарнуха прыязджае з прэзентацыяй сваёй новай кнігі ‘Гвалт’, якая нядаўна выйшла ў выдавецтве ‘Янушкевіч’ і ўжо стала бестсэлерам. Гэта дзесяць апавяданняў у фірмовай манеры аўтара, дзе фантазія цесна пераплеценая з рэальнасцю.
Палёт КДБшніка над мінскім цыркам, выкопванне мёртвага чыноўніка з труны, страшная эпідэмія на шклоўскім моры, рытуальная дзяльба кабанчыка — нечаканыя вобразы і метафары ствараюць перад чытачом маштабную прастору для рэфлексіі.
Мікалай Халезін пра ‘Гвалт’:
Чытайце 'Гвалт' Сашы Чарнухі, як толькі ў вас з'явіцца магчымасць, і перастаньце какетнічаць: «я стаміўся ад 2020 года». Размова не пра гэта, а пра ўсведамленне сябе беларусамі — да 2020 года, ці пасля, ці ўвогуле не думаючы пра даты. Чытайце і адчувайце свае эмоцыі — яны вам спатрэбяцца ў бліжэйшы час.
Акрамя таго, на сустрэчы Аляксандр Чарнуха раскажа пра самых вядомых і паспяховых беларускіх музыкантаў. Шмат пра каго з іх вы нават не ведалі.
На сустрэчы вы даведаецеся: у каго з беларусаў ёсць намінацыі на Грэмі, які беларускі гурт стаў самым папулярным расейскамоўным гуртом у гісторыі, як выжывае беларуская культура і чаму яе важна падтрымліваць. Зможаце паслухаць урыўкі новай кнігі, пагутарыць з аўтарам у нефармальнай абстаноўцы і атрымаць аўтограф.
Аляксандр Чарнуха - вядомы музычны журналіст Беларусі, досвед якога ўключае апошняе інтэрв’ю з Максам Каржом, размову з Depeche Mode і біяграфію Molchat Doma. Зараз Аляксандр жыве ў Польшчы, дзе стаў заснавальнікам і вядоўцам YouTube-канала ‘Міністэрства Сепультуры’ і telegram-канала ‘Беларуская музыка’.
Набыць кнігу. Таксама будзе магчымасць набыць кнігу на месцы, кошт 20 еўра.
Уваход вольны, данаты аўтару вітаюцца.
5.06.2025, 19:00
Wijkcentrum De Wending, Raamstraat 67, 2613 RW Delft